«У мяне такіх планаў няма». Лукашэнка сцвярджае, што не хоча дасылаць беларускую армію ва Украіну

Лукашэнка «ў тысячу дзвесце першы раз» заявіў, што ў яго няма планаў выпраўляць беларускіх вайскоўцаў ва Украіну. «Нам там няма чаго рабіць», – цытуе агенцтва БелТА кіраўніка рэжыму.

Аляксандр Лукашэнка з працаўнікамі Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі ў Пухавіцкім раёне. 4 лістапада 2022 года. Фота: «БелТА» / belta.by

На сустрэчы з працаўнікамі Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі ў Пухавіцкім раёне Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца дасылаць вайскоўцаў ва Украіну. Пра гэта, маўляў, ён казаў шматкроць.

«Сёння крычаць: «Лукашэнка хоча выправіць ва Украіну сваіх вайскоўцаў!» Ужо тысячу дзвесце разоў казаў, што ў мяне такіх планаў няма», – запэўніў Лукашэнка.

Ён абвінаваціў «збеглых» у тым, што яны нібыта «дасылаюць беларусаў на смерць».

«Але скардзіцца няма каму. Я вас туды не дасылаў. Нам там ва Украіне няма чаго рабіць. І дасылаць туды людзей у нас няма неабходнасці», – сказаў кіраўнік рэжыму.

Пасля 2014 года, калі Расея акупавала Крым, ён неаднаразова абяцаў, што «беларусы, калі і прыйдуць ва Украіну з поўначы, то толькі на камбайнах і трактарах, але ніколі – на танках». Напрыклад, у кастрычніку 2016 года Лукашэнка заявіў: «Мы ва Украіну на танках не паедзем, мы на трактарах паедзем. Гэта нашыя браты, гэта славянскае адзінства, якое нікому не дазволена разбурыць».

Аб’ектыў

Як вайна пасварыла беларусаў і ўкраінцаў

2022.08.24 23:49

Сяргей Крот belsat.eu

The post «У мяне такіх планаў няма». Лукашэнка сцвярджае, што не хоча дасылаць беларускую армію ва Украіну appeared first on belsat.eu.


#Беларусь