Навумчык: Лукашэнка праявіў сябе як рускі фашыст

У студыі «Белсату» з нагоды гадавіны рэферэндуму 1995 года, пасля якога ў Беларусі вярнулі савецкія сцяг і герб, гістарычны аглядальнік, журналіст радыё «Свабода» і дэпутат Вярхоўнага Савету (1990–1996) Сяргей Навумчык заявіў: «Гэтую дату істотна памятаць».

«Гэтая дата акрэсліла, юрыдычна акрэсліла замацаванне ў Беларусі рускага фашызму. І Лукашэнка выявіў сябе як рускі фашыст. І менавіта рускі, а не які-небудзь іншы».

Супраць змены сцяга і герба выступілі некалькі дэпутатаў, якія абвесцілі пратэст і галадоўку. Праз некалькі гадзін іх збілі і вынеслі з залы паседжання.

«Гэта быў тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячаў. Адказнасць за яго і па тым Крымінальным кодэксе і па цяперашнім – аж да расстрэлу, і тэрміну даўніны няма. І калі будзе даказана, што Лукашэнка меў да гэтага дачыненне, а ён меў і на сесіі пра гэта заяўляў, ён мусіць быць асуджаны», – заявіў Навумчык.

Журналіст падлічыў, колькі артыкулаў парушыў Лукашэнка – атрымалася паўтара дзясятка. Адно толькі вынясенне на рэферэндум пытання аб мове і сімвалах парушае тры артыкула Канстытуцыі.

«Але галоўнае – гэта спыненне нацыянальнага адраджэння, якое набірала моцы напрыканцы 80-х – на пачатку 90-х гадоў. Гэта ўсё адбывалася насуперак імперскаму фашызму, рускаму фашызму. І паставіўшы ў Беларусі свайго чалавека, рускага фашыста Лукашэнку, тым сілам, што за ім стаялі, трэба было падрыхтаваць Беларусь да інкарпарацыі ў склад Расеі», – тлумачыць эксперт.

На думку палітычнага аглядальніка, пасля рэферэндуму ўсе 27 гадоў «ішла проста шалёная прарасейская, антынацыянальная, антыбеларуская прапаганда»:

«А галоўнае, умацоўваліся пазіцыі рускіх фашыстаў у дзяржаўных структурах. І мы зараз бачым гэтыя КДБ, ГУБАЗіК, пракуратура – гэтыя арганізацыі цалкам трапляюць пад вызначэнне тэрарыстычных. Для мяне вельмі дзіўна, чаму сусветная супольнасць не вызначае гэтыя арганізацыі тэрарыстычнымі», – разважае эксперт.

Сведкі. 1990-я

Рэферэндум 1995 года

2016.10.20 15:48

МГМ, belsat.eu


#Беларусь