«Я зараз сябе адчуваю зусім іншым чалавекам», – прызнаецца на відэа ваярка «Сон».

На youtube-канале батальёну Кастуся Каліноўскага выйшла відэа пра спадарыню з пазыўным «Сон» – экалагічнай актывісткай, якая змагалася за свабодную ад дыктатуры Беларусь і падтрымала забастоўку працоўных у 2020 годзе, пасля чаго была вымушаная з’ехаць з Беларусі і пераехала ва Украіну незадоўга да таго, як пачалася вайна.
Яна вырашыла не зʼязджаць, а ўступіла ў батальён:
«Калі пачалася вайна, мы з мужам жылі ў Львове, спрабавалі трапіць у тэрабарону. Але ўсе ведаюць, колькі тады людзей хацелі далучыцца да тэрабароны і ЗСУ. Тады ўкраінцы былі ў прыярытэце. Праз сяброў мы даведаліся пра беларусаў, якія збіраюцца ў Кіеве. Так я сюды і трапіла».
Бараніць Украіну пані вырашыла таму, што пасля ўцёкаў ад пераследу на радзіме «Сон» з мужам спыніліся ў Львове, дзе планавалі асесці надоўга:
«Мы вырашылі, то калі гэта цяпер наш дом, то мы тут застанемся і будзем максімальна карыснымі. Мне падаецца, што тут мы максімальна карысныя, што я, што мой муж».
Да батальёну яны дабіраліся некалькі дзён. Былі цягнікі, якія перапоўненыя ехалі з уцекачамі са Львова, а пара сядала ў цягнік на Кіеў – не пусты, але з вольнымі месцамі, дзе сесці:
«Было страшна. Мы ехалі, а за намі бамбілі гарады. Гэта атрымаўся такі выклік для сябе. Калі ты едзеш і не ведаеш, куды і што там будзе, то трэба гэты страх у сабе зламаць. Гэта быў цікавы досвед для мяне. І я зараз сябе адчуваю зусім іншым чалавекам. Калі былі пратэсты ў Беларусі і мы падыходзілі да кардону, што стаяў. Падавалася, што трэба было штосьці зрабіць, а што – не зразумела. Нібы штосьці спыняе. А тут ты прымаеш рашэнне, бярэш адказнасць, ламаешся і становішся іншым чалавекам. Калі я села ў таксоўку сюды ехаць, увесь страх прайшоў. А тут я пабачыла шмат людзей, усе разумныя, табе тлумачаць. Проста ўлілася ў калектыў і ўсё супер».
Ад затрымання ў Беларусі пані пашчасціла збегчы, калі ў іх дом прыйшоў АМАП і затрымліваў назіральнікаў ды актывістаў:
«Праз акно збегла і мяне не затрымалі тады. Сябрам пашанцавала менш. Тады на Акрэсціна я не трапіла. Мяне раз скралі ў траўні 20га году. Патрымалі 12 гадзін у РАУСе, некаторым далі содні, некаторых адпусцілі».
«Сон» пабралася шлюбам з каханым ужо ў батальёне, хаця планавалі гэты крок ужо даўно:
«Як раз у сакавіку мы планавалі (ажаніцца). Пачалася вайна, і мы вырашылі, хто такі Пуцін, каб сапсаваць нашыя планы і вось ажаніліся».
Пані прызнаецца, што ў мужчынскім калектыве тое, што яна жанчына ёй не перашкаджае:
«Мажліва, некаторым мужчынам перашкаджае, якая я жанчына. Але ў нас усе дзяўчаты баявыя. Такіх дзяўчат яшчэ трэба пашукаць».
«Сон» кажа, што істотна, не калі скончыцца вайна, а як яна скончыцца. Для яе яна скончыцца, калі панясуць адказнасць тыя, хто чыніць злачынствы. А пасля перамогі яна марыць паспаць.
МГМ, belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!